Асацыяцыя Беларусь 2.0

This is an old revision of the document!


Асацыяцыя Беларусь 2.0

Ісьці на ўзровень вышэй


Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо іначай проста ня варта жыць.

Уладзімір Арлоў “Незалежнасьць — гэта…”. Люты, 1990 г.

Хто мы

Праект Беларусь 2.0 распрацоўваецца ініцыятыўнай групай беларусаў з розных галін эканамічнай, сацыяльнай і грамадзка-палітычнай дзейнасьці ў краіне і за яе межамі.

Гэта супольнасьць людзей, якім неабыякавы лёс Радзімы. Людзей, аб'яднаных і натхнёных толькі адным – ідэяй свабоднай, незалежнай і квітнеючай Беларусі. Свабоднай Беларусі для свабоднага народу, які мае права на нацыянальнае самавызначэньне і паўнату ўлады ў сваёй краіне.

Місія

Стварэньне грамадзка-палітычнага руху (арганізацыі), мэтай якога будзе пабудова незалежнай сувэрэннай і дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь.

Мы працуем над усьведамленьнем і вызначэньнем сапраўдных нацыянальных інтарэсаў. Мы вызначаем мэханізмы, празь якія мы ўзгоднім усе свае стратэгіі, ідэі і погляды на будучыню краіны. Мы шукаем і знаходзім кампрамісы і выбудоўваем нашу агульную будучыню.

Мы зьяўляемся часткай грамадзянскай нацыі Беларусі, якая складаецца з усіх беларусаў, незалежна ад іх нацыянальнай, моўнай, сацыяльнай, гендэрнай прыналежнасьці і палітычных арыентацый. Грамадзянская нацыя Беларусі – экстэрытарыяльная, беларусы замежжа зьяўляюцца неад'емнай часткаю беларускай грамадзянскай нацыі.

Нашы прынцыповыя каштоўнасьці: Воля, Асоба, Айчына!

Наша галоўная мэта – пабудова свабоднай і незалежнай Беларусі.

Наша задача – стварэньне сумеснымі намаганьнямі сувэрэннай і дэмакратычнай краіны, дзеля чаго неабходныя:

1. Дэмантаж злачыннай аўтарытарнай сыстэмы ўлады, адраджэньне канстытуцыйнага ладу, аднаўленьне сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь і пабудова дэмакратычнага грамадзтва.

2. Пабудова новай Беларусі ў адпаведнасьці з нацыянальнымі традыцыямі і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі.

3. Уваходжаньне ў міжнародныя, міждзяржаўныя саюзы на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Разам да перамогі

Зыходзячы з бачаньня наяўнай сытуацыі, мы вымушаныя канстатаваць: улада ў Беларусі ад канстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе і па цяперашні час захопленая злачынным дыктатарскім рэжымам. Улада ўтрымліваецца сілавымі мэтадамі з масавымі рэпрэсіямі і арыентацыяй на выкараненьне і зьнішчэньне ўсяго нацыянальнага.

У сёньняшняй Беларусі мы маем сытуацыю, калі людзі, якія ўзурпавалі ўладу, цынічна заяўляюць, што законы не працуюць (“часам не да законаў”). Пад пагрозай зьнішчэньня знаходзяцца ня толькі родная мова і гістарычна-культурная спадчына (у тым ліку нацыянальная сымболіка), але і сам сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь. У нас на вачах адбываецца сапраўдная нацыянальная катастрофа.

Фактычна ідзе вайна супраць свайго народу, супраць усіх нязгодных зь існуючай уладай, супраць тых, хто хоча пераменаў, тых, хто ў будучыні бачыць сваю краіну свабоднай і незалежнай.

Палітычнымі, ваеннымі, сацыяльнымі і эканамічнымі інструмэнтамі злачынны рэжым паступова пазбаўляе Беларусь сувэрэнітэту. Краіна ператварылася ў васала Расейскай Федэрацыі, якая выкарыстоўвае рэсурсы Беларусі ў агрэсіі супраць нашага суседа – Украіны. Над Беларусьсю навісла пагроза поўнага паглынаньня Расеяй. Гэта азначае зьнікненьне з мапы сьвету дзяржавы – сузаснавальніцы ААН! Гэта азначае зьнявагу, прыгнёт, а магчыма, і зьнішчэньне нацыі!

2020 год паказаў здольнасьць беларусаў аб'ядноўвацца, але не навучыў нас ісьці разам да перамогі. Мы па-ранейшаму ня маем жаданага выніку. Шмат хто з нас вымушана апынуўся ў розных краінах. Шмат хто ў турмах.

Так, мы аказаліся разрозьненымі і абсалютна не гатовымі да гэтага. Так, у многіх з нас яшчэ сьвежыя ўспаміны пра крывавыя жорсткія падзеі, у кагосьці да гэтага часу псыхалягічныя траўмы і іх наступствы.

Можна сказаць, мы ўсе ўпалі і цяпер павінны падняцца.

Падняцца ня толькi для таго, каб супрацьпаставіць сябе нейкай іншай палітычнай сіле, а найперш для саміх сябе, для нашых сем'яў, дзяцей, краіны і будучыні.

Падняцца, каб аб'яднацца, адклаўшы ўсе рознагалосьсі на потым.

Вайна ва Украіне скончыцца з вынікам, у якім мы ўпэўненыя, – паразай Расеі. Гэта будзе наш шанец на волю, на вызваленьне Беларусі ад злачыннага рэжыму, які захапіў уладу. Збудаваная дыктатарам піраміда ўлады непазьбежна пачне рассыпацца. У гэты момант важна не дапусьціць хаосу і прыходу на яго фоне да ўлады прарасейскіх палітычных сіл. Важна зрабіць усе неабходныя дзеяньні па аднаўленьні поўнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь. Сусьветная грамадзкасьць павінна ўбачыць нашу здольнасьць аб'ядноўвацца, убачыць, што мы разам і мы –сіла. Убачыць, што Беларусь –жыве!

Мы лічым, што шлях разьвіцьця беларускага грамадзтва мусіць пралягаць праз “Я” да “МЫ”. Толькі сукупнасьць самастойных індывідаў, адказных за прыняцьце і рэалізацыю ўласных рашэньняў, стварае зь “Я”- адзінкі адказную супольнасць “МЫ” – нацыю. Разьвіцьцё чалавека як асобы вядзе да агульнага росту і разьвіцьця грамадзтва. Таму ў фокусе ўвагі нашай ініцыятывы – актыўныя грамадзяне, падтрымліваючы якіх, мы набліжаем перамены.

Мы ствараем праект новай канцэпцыі пабудовы дзяржавы, адкрыты для ўсіх, незалежна ад адукацыі, сацыяльнага становішча і палітычных поглядаў. Мы можам і нават мусім па-рознаму бачыць будучыню Беларусі. Разнастайнасьць меркаваньняў і падыходаў – важная ўмова будучага посьпеху краіны. Але, каб пабудаваць пасьпяховае грамадзтва і дзяржаву новага тыпу, нам усё ж трэба прытрымлівацца шэрагу агульных прынцыпаў.

Пра тое, як будзе наладжана жыцьцё ў Беларусі пасьля падзеньня цяперашняга рэжыму, мы абавязаны задумвацца ўжо сёньня. Інакш гісторыя асудзіць нас на паўтарэньне пройдзенага.

Мы абавязаны менавіта цяпер думаць пра тое, як будзе выглядаць наша Радзіма праз пяць, праз дзесяць і праз дваццаць гадоў. Падмурак будучыні закладваецца нашымі дзеяньнямі ўжо сёньня.

Жыве Беларусь! Жыве вечна!

Дакументы

Стратэгічныя тэзы

Беларусь 2.0 - гэта незалежнасць і суверэнітэт.

Незалежнасьць забясьпечвае існаваньне сувэрэннай дзяржавы, якая кіруецца выключна інтарэсамі народу Беларусі, добраахвотнага і паўнапраўнага ўдзельніка дэмакратычнай сусьветнай супольнасьці.

Незалежнасьць Беларусі – гэта ня проста фармальны статус і ня проста дэклярацыя. Беларуская нацыя набывае і ўмацоўвае сваю незалежнасьць у палітычнай практыцы – канкрэтных штодзённых дзеяньнях па рэалізацыі палітычнай волі.

Сучаснаму этапу беларускай незалежнасьці паклала пачатак Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце ад 27 ліпеня 1990 году, якая працягнула справу айцоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Незалежнасьць забясьпечвае існаваньне сувэрэннай дзяржавы, якая кіруецца выключна інтарэсамі народу Беларусі, добраахвотнага і паўнапраўнага ўдзельніка дэмакратычнай сусьветнай супольнасьці.

Незалежнасьць Беларусі – гэта ня проста фармальны статус і ня проста дэклярацыя. Беларуская нацыя набывае і ўмацоўвае сваю незалежнасьць у палітычнай практыцы – канкрэтных штодзённых дзеяньнях па рэалізацыі палітычнай волі.

Сучаснаму этапу беларускай незалежнасьці паклала пачатак Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце ад 27 ліпеня 1990 году, якая працягнула справу айцоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларусь 2.0 – гэта нацыянальная бясьпека.

У сучасным сьвеце захаваньне нейтралітэту – прывілея, даступная нямногім. Яе ня можа сабе дазволіць краіна, якая мяжуе з такім буйным і агрэсыўным суседам, як Расейская Фэдэрацыя. Прыклады Украіны і Грузіі гэта толькі пацьвярджаюць. Спробы перакройваньня ў Эўропе агульнапрынятых і замацаваных міжнароднымі пагадненьнямі межаў павінны быць спыненыя.

Аднак было б наіўна меркаваць, што імпэрскія пляны Расеі зьнікнуць у агляднай будучыні. Для забесьпячэньня сваёй нацыянальнай бясьпекі і захаваньня незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусь павінна стаць часткай адной або некалькіх сыстэм міжнароднай бясьпекі – глябальных ці рэгіянальных, якія ўжо існуюць, або будучых. Як і ў які момант гэта адбудзецца – вырашаць народу Беларусі.

Цалкам лягічна, што Беларусь павінна імкнуцца да ўдзелу ў рэгіянальным блёку эўрапейскіх нацый разам з Латвіяй, Літвой, Польшчай і Украінай. Такі рэгіянальны блёк будзе садзейнічаць умацаваньню палітычнай і эканамічнай незалежнасьці нашых дзяржаў і ствараць агульную прастору рэгіянальнай бясьпекі, асабліва ва ўмовах пагрозы з боку Расіі.

Беларусь 2.0 – гэта ўзаемапавага і талерантнасьць.

Нашыя продкі на прыкладзе Вялікага Княства Літоўскага даказалі, што, нягледзячы на рэлігійныя, нацыянальныя і палітычныя адрозьненьні, маглі мірна суіснаваць у адзінай дзяржаве. Яшчэ раз падкрэсьлім: правы і свабоды чалавека, які знаходзіцца побач з табой, гэтак жа важныя, як і твае ўласныя. На гэтай аснове і адбываецца пабудова сапраўды дэмакратычнай дзяржавы.

Беларусь 2.0 – гэта нацыянальнае і культурнае адраджэньне, справядлівая нацыянальная палітыка.

Існаваньне беларусаў як нацыі немагчымае без адраджэньня і дзяржаўнай падтрымкі беларускай культуры, мовы, без глыбокай павагі да нашай шматвяковай эўрапейскай гісторыі

Разам з тым, мы павінны ўлічваць шматнацыянальную структуру нашага грамадзтва і з усёй павагай ставіцца да прадстаўнікоў усіх нацыянальнасьцяў, якія пражываюць у Беларусі. Дзяржава павінна забясьпечыць захаваньне ўсіх правоў нацыянальных меншасьцяў, прадугледжаных Дэклярацыяй аб правах меншасьцяў, прынятай кансэнсусам у 1992 годзе Генэральнай Асамблеяй ААН (рэзалюцыя 47/135).

Мы лічым, што ў моўнай палітыцы адзінай магчымасьцю, якая забясьпечвала б як правы тытульнай беларускай нацыі, так і правы ўсіх нацыянальных меншасьцяў, зьяўляецца наступны падыход:

  • дзяржаўная мова краіны – беларуская;
  • мовы міжнародных зносін – ангельская і расейская (яна зьяўляецца мовай самай вялікай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі). Гэтыя мовы шырока выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцьці, справаводстве, а таксама ў міжнародных сувязях. Мы перакананыя, што сёньняшні час з яго неабходнасьцю ўсебаковых міжнародных кантактаў патрабуе вывучэньня ў школах, апрача беларускай, яшчэ мінімальна дзьвюх моваў: абавязкова ангельскай і на выбар другой замежнай ці сваёй роднай мовы (у выпадку прадстаўніка нацыянальнай меншасьці);
  • мовы нацыянальных меншасьцяў з рознай ступеньню распаўсюджваньня могуць выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе, у паўсядзённым жыцьці і справаводстве (напрыклад, у судах) ува ўсёй краіне ці рэгіянальна на падставе Закону аб нацыянальных меншасьцях і міжнароднага заканадаўства.

Паводле перапісу 2019 г. нацыянальны склад насельніцтва Беларусі наступны:

Беларусы 7 990 719 (84,9 %) Расейцы 706 992 (7,5 %) Палякі 287 693 (3,1 %) Украінцы 159 656 (1,7 %) Габрэі 13 705 (0,1 %) Армяне 9 392 (0,1 %) Татары 8 445 (0,1 %) Цыганы 6 848 (0,1 %) Азэрбайджанцы 6 001 (0,1 %) Літоўцы 5 287 (0,1 %)

Беларусь 2.0 – гэта дэкамунізацыя.

Дэкамунізацыя прадугледжвае дэмакратычны нацыянальна арыентаваны шлях разьвіцьця краіны праз паступовае вызваленьне Беларусі ад ідэалягічных і адміністрацыйных шаблёнаў савецкай спадчыны, якія парушаюць правы чалавека, разбураюць магчымасьці для разьвіцьця беларускай дзяржавы і беларускай нацыі. Гэты працэс, распачаты ў 1991 годзе, быў спынены пасля 1994 году. Больш за тое, у многіх дзяржаўных сфэрах сытуацыя дайшла да вяртаньня найгоршых мэтадаў бальшавіцкага рэжыму.

Беларусь 2.0 – гэта ўзважаная “перазборка” Беларусі на новых прынцыпах.

Для выхаду са шматгадовага крызысу, у якім знаходзіцца наша краіна, неабходна карэнная трансфармацыя дзяржавы і грамадзтва, палітычнай і эканамічнай сыстэм, зыходзячы з галоўнага прынцыпу: “Не чалавек для дзяржавы, а дзяржава для чалавека”.

Наша дзяржава павінна выкарыстоўваць ў грамадзка-палітычнай і сацыяльна–эканамічнай дзейнасьці самыя перадавыя сучасныя інавацыі.

Беларусь 2.0 – гэта дружалюбныя, добрасуседзкія, узаемавыгадныя адносіны з Украінай.

Украіна зьяўляецца адной з самых блізкіх Беларусі дзяржаў у сілу тэрытарыяльнага суседзтва, блізкасьці культуры, мовы і гісторыі са шматвяковым супрацьстаяньнем расейскаму ўплыву.

Пасьля распаду СССР і Украіна, і Беларусь вырашаюць галоўную задачу дасягненьня паўнавартаснай незалежнасьці, уключаючы задачы дэкамунізацыі, фармаваньня сувэрэнных інстытутаў нацыянальнага кіраваньня і эўрапеізацыі.

Нацыянальныя інтарэсы Беларусі залежаць ад існаваньня незалежнай дэмакратычнай і эўрапейскай Украіны, а Украіне неабходна незалежная дэмакратычная і эўрапейская Беларусь.

Посьпехі нашых суседзяў-украінцаў на дэмакратычным шляху разьвіцьця і імкненьне спыніць іх адыход ад імпэрскага ўплыву і сталі прычынай вайны РФ супраць сувэрэннай Украіны.

Таму вайна Украіны з РФ – гэта і наша вайна.

Задача беларусаў сёньня – усялякая дапамога ўкраінскаму народу ў дасягненьні перамогі над тэрарыстычнай расейскай дзяржавай.

Задача беларусаў заўтра – ліквідацыя імпэрыялістычнай пагрозы для нашых краін з боку РФ назаўжды. Гэта азначае пабудову цесных стратэгічных адносін з Украінай, у тым ліку магчымасьць стварэньня агульнага рэгіянальнага блёку Беларусі з суседнімі дзяржавамі: Латвіяй, Літвой, Польшчай і Украінай.

Задача беларусаў у будучыні – узаемавыгаднае існаваньне Беларусі і Украіны ў рамках агульных эўрапейскіх i мiжнародных інстытуцый (блёкаў, саюзаў, ініцыятыў).

Беларусь 2.0 – гэта вяртаньне «дадому ў Эўропу».

Мы – паўнапраўная эўрапейская нацыя. Мы аб'яднаныя з Эўропай шматвяковай агульнасьцю гісторыі. Беларуская культура – неад'емная частка эўрапейскай культуры. Гэтаксама, як і іншыя эўрапейскія нацыі, беларуская нацыя шматкультурная, шматнацыянальная і шматканфэсійная.

Гістарычна – да паглынаньня Расейскай імпэрыяй, а затым бальшавіцкім рэжымам – Эўропа заўсёды была нашым «домам». Бязь зьмены вэктара, бязь вяртаньня “дадому ў Эўропу” мы згубім сваю будучыню і гістарычную пэрспэктыву. Нас будуць чакаць гады і дзесяцігодзьдзі жыцьця ў адрыве ад сучасных тэхналёгій і адукацыйных інавацый, жыцьця без свабоды – асабістай, палітычнай і эканамічнай.

Неабходна паскоранае ўвядзеньне ў Беларусі сучасных стандартаў дзяржаўнага кіраваньня і ўключэньне краіны ў сыстэму міжнародных адносін у якасьці нацыянальна арыентаванай дзяржавы, якая кіруецца дэмакратычнымі прынцыпамі, забясьпечвае правы чалавека і зьяўляецца надзейным стабільным партнэрам.

Эўрапейскі Саюз ці рэгіянальны саюз, асацыяваны з ЭС? Які шлях мы выберам – вырашаць нам самім. Адным з варыянтаў, напрыклад, можа быць “Міжмор'е”, Intermarium, “Балта-Чарнаморскі Саюз”. Гэта розныя назвы магчымага рэгіянальнага палітычнага і эканамічнага саюзу краін, разьмешчаных паміж Балтыйскім і Чорным марамі. Як мінімум – краін, якія калісьці былі часткамі Вялікага Княства Літоўскага ці ўдзельнікамі міждзяржаўных саюзаў зь ім.

Беларусь 2.0 – гэта сумленныя і эфэктыўныя выбары.

Шматразовая фальсыфікацыя выбараў прывяла да ўсталяваньня ў Беларусі дыктатуры, таму павінны зьявіцца мэханізмы, якія цалкам дэмакратычным шляхам захаваюць выбарчую сыстэму ад падтасовак і ад папулістаў.

У Беларусі, якую мы хочам пабудаваць, будзе важным кожнае меркаваньне, бо заканадаўча выключаецца любая магчымасьць зьяўлення аўтарытарнай ці алігархічнай улады. Мы прапануем заснаваную на новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле дзяржавы новую выбарчую сістэму, якая дазволіць прывесьці да кіраваньня па-сапраўднаму годных людзей і пазьбегнуць узурпацыі ўлады.

Беларусь 2.0 – гэта парлямэнцкая рэспубліка з прыярытэтам мясцовага самакіраваньня.

Згубны ўплыў цэнтралізацыі і прыняцьця рашэньняў выключна “наверсе”, мы ўжо ўбачылі. Беларусь як дзяржава павінна будавацца “зьнізу ўверх”, а ня “зьверху ўніз”, як цяпер. Гэта значыць, аснова дзяржаўнага ладу – самакіравальныя супольнасьці грамадзянаў на месцах. Супольнасьці, якія праз сыстэму выбараў і выбаршчыкаў фармуюць наступныя ўзроўні дзяржаўнай улады – і так да самага верху.

Заканадаўчую галіну ўлады прадстаўляе Парлямэнт (Сойм, Рада). Кіраўніком выканаўчай улады ў Беларусі павінен быць Прэм'ер-міністар. Паўнамоцтвы Прэзыдэнта значна абмежаваныя (прыклады: Аўстрыя, Германія, Чэхія).

Мясцовае самакіраваньне – падмурак беларускай дзяржаўнасьці.

Падзеі 2020 года пацьвярджаюць, што грамадзяне здольныя да самаарганізацыі і адказнага вырашэньня сваіх праблем самастойна.

Беларусь 2.0 – гэта краіна з раўнамерным разьвіцьцём рэгіёнаў.

З пункту гледжаньня эканамічнай мэтазгоднасьці і эфэктыўнасьці пасьля канчатковага фармаваньня новых дзяржаўных структур неабходна зьмяніць падыход да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу краіны. Дзеля максімальнага раскрыцьця чалавечага і эканамічнага патэнцыялаў неабходна выпрацаваць праграмы разьвіцьця рэгіёнаў з улікам іх прыродных, эканамічных, дэмаграфічных ды сацыяльных асаблівасьцяў.

Беларусь 2.0 – гэта эфэктыўная сацыяльная абарона і даступная кожнаму сучасная мэдыцына.

Разьвітыя мэханізмы сацыяльнай абароны -- адзін з першачарговых абавязкаў і мэтаў дзяржавы. Беларусі неабходная страхавая мэдыцына салідарнага тыпу (прыклады: Аўстрыя, Германія, Люксэмбург, Чэхія), а таксама стварэньне пэнсійнай сыстэмы, якая забясьпечвае годнае жыцьцё.

Беларусь 2.0 – гэта сучасная адукацыя.

Асобу акрыляюць магчымасьці. У Беларусі, якую мы будуем, сацыяльны і эканамічны статус чалавека залежыць толькі ад яго самога. Дасягнуць максымальнага выніку ў пэрспэктыве можна шляхам рэфармаваньня сыстэмы адукацыі. Пры гэтым павінна быць забясьпечана ўсеагульная даступнасьць бясплатнай дзяржаўнай базавай, прафэсійнай і вышэйшай адукацыі.

Беларусь 2.0 – гэта справядлівая прававая дзяржава.

Прыярытэтам новай судовай сістэмы будзе неадкладны перагляд усіх спраў, зьвязаных з палітычнымі рэпрэсіямі і незаконнымі прысудамі па эканамічных і шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (уключна з артыкулам 328 КК РБ) з рашэньнем пра наступную рэабілітацыію і пакрыцьцё ўрону незаконна асуджаным. Будзе неабходна правесьці прававы аўдыт усёй заканадаўчай базы Рэспублікі Беларусь з 1994 году.

Беларусь 2.0 – гэта няўхільнае захаваньне правоў уласнасьці.

Аснова дабрабыту Беларусі – эканамічная свабода і поўная абароненасьць права ўласнасьці. Гістарычна склалася імкненьне беларусаў валодаць сваёй зямлёй, мець на яе рэальнае права. Стварыўшы празрыстыя і дзейсныя мэханізмы для рэалізацыі грамадзянамі Беларусі гэтага права, мы зможам удыхнуць новае жыцьцё ў вёскі і малыя гарады нашай краіны.

Беларусь 2.0 – гэта рэалізацыя гістарычнага права на зброю.

Існуе даўні прынцып: свабодны чалавек – той, хто валодае зброяй. Не выпадкова ў старажытнасьці рабам не дазвалялася мець нават нож, а прыгонным сялянам – любую зброю. Валоданьне асабістай зброяй – адно з асноўных правоў чалавека, адказнага за сябе, сваю сям'ю і блізкіх. Дадзенае права на падставе заканадаўства дае магчымасьць абараняць як сваё жыцьцё і асабістую ўласнасьць, так і дзяржаву ў цэлым.

Беларусь 2.0 – гэта адказнасьць перад будучымі пакаленьнямі.

Тэрыторыя і прыродныя рэсурсы Беларусі, яе вытворчыя і фінансавыя актывы, інтэлектуальная, культурная і гістарычная спадчына – гэта нацыянальны здабытак беларусаў. Дзяржава і яе грамадзяне нясуць адказнасьць за захаваньне гэтага здабытку для будучых пакаленьняў.

Беларусь 2.0 – гэта справа саміх беларусаў.

Мы з удзячнасьцю прымем дапамогу тых, хто падзеліцца з намі досьведам рэформ і будаўніцтва дзяржаў у крызысныя пэрыяды іх разьвіцьця. У той жа час мы разумеем, што нас чакае велізарная праца. Разумеем, што ніхто, апрача нас саміх, ня здольны яе зьдзейсьніць.

Наша задача – сваім розумам і сваімі рукамі разам стварыць краіну, у якой захочацца жыць нам і наступным пакаленьням беларусаў.

Жыве Беларусь! Жыве вечна!

Кантакты

be/users/belarus-20/start.1686868872.txt.gz · Last modified: 2023/06/16 00:41 by Doctor S
CC Attribution-Share Alike 4.0 International Except where otherwise noted, content on this wiki is licensed under the following license: CC Attribution-Share Alike 4.0 International