This is an old revision of the document!
Асацыяцыя Беларусь 2.0
Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо іначай проста ня варта жыць.
Уладзімір Арлоў “Незалежнасьць — гэта…”. Люты, 1990 г.
Хто мы
Праект Беларусь 2.0 распрацоўваецца ініцыятыўнай групай беларусаў з розных галін эканамічнай, сацыяльнай і грамадзка-палітычнай дзейнасьці ў краіне і за яе межамі.
Гэта супольнасьць людзей, якім неабыякавы лёс Радзімы. Людзей, аб'яднаных і натхнёных толькі адным – ідэяй свабоднай, незалежнай і квітнеючай Беларусі. Свабоднай Беларусі для свабоднага народу, які мае права на нацыянальнае самавызначэньне і паўнату ўлады ў сваёй краіне.
Місія
Стварэньне грамадзка-палітычнага руху (арганізацыі), мэтай якога будзе пабудова незалежнай сувэрэннай і дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь.
Мы працуем над усьведамленьнем і вызначэньнем сапраўдных нацыянальных інтарэсаў. Мы вызначаем мэханізмы, празь якія мы ўзгоднім усе свае стратэгіі, ідэі і погляды на будучыню краіны. Мы шукаем і знаходзім кампрамісы і выбудоўваем нашу агульную будучыню.
Мы зьяўляемся часткай грамадзянскай нацыі Беларусі, якая складаецца з усіх беларусаў, незалежна ад іх нацыянальнай, моўнай, сацыяльнай, гендэрнай прыналежнасьці і палітычных арыентацый. Грамадзянская нацыя Беларусі – экстэрытарыяльная, беларусы замежжа зьяўляюцца неад'емнай часткаю беларускай грамадзянскай нацыі.
Нашы прынцыповыя каштоўнасьці: Воля, Асоба, Айчына!
Наша галоўная мэта – пабудова свабоднай і незалежнай Беларусі.
Наша задача – стварэньне сумеснымі намаганьнямі сувэрэннай і дэмакратычнай краіны, дзеля чаго неабходныя:
1. Дэмантаж злачыннай аўтарытарнай сыстэмы ўлады, адраджэньне канстытуцыйнага ладу, аднаўленьне сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь і пабудова дэмакратычнага грамадзтва.
2. Пабудова новай Беларусі ў адпаведнасьці з нацыянальнымі традыцыямі і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі.
3. Уваходжаньне ў міжнародныя, міждзяржаўныя саюзы на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Разам да перамогі
Зыходзячы з бачаньня наяўнай сытуацыі, мы вымушаныя канстатаваць: улада ў Беларусі ад канстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе і па цяперашні час захопленая злачынным дыктатарскім рэжымам. Улада ўтрымліваецца сілавымі мэтадамі з масавымі рэпрэсіямі і арыентацыяй на выкараненьне і зьнішчэньне ўсяго нацыянальнага.
У сёньняшняй Беларусі мы маем сытуацыю, калі людзі, якія ўзурпавалі ўладу, цынічна заяўляюць, што законы не працуюць (“часам не да законаў”). Пад пагрозай зьнішчэньня знаходзяцца ня толькі родная мова і гістарычна-культурная спадчына (у тым ліку нацыянальная сымболіка), але і сам сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь. У нас на вачах адбываецца сапраўдная нацыянальная катастрофа.
Фактычна ідзе вайна супраць свайго народу, супраць усіх нязгодных зь існуючай уладай, супраць тых, хто хоча пераменаў, тых, хто ў будучыні бачыць сваю краіну свабоднай і незалежнай.
Палітычнымі, ваеннымі, сацыяльнымі і эканамічнымі інструмэнтамі злачынны рэжым паступова пазбаўляе Беларусь сувэрэнітэту. Краіна ператварылася ў васала Расейскай Федэрацыі, якая выкарыстоўвае рэсурсы Беларусі ў агрэсіі супраць нашага суседа – Украіны. Над Беларусьсю навісла пагроза поўнага паглынаньня Расеяй. Гэта азначае зьнікненьне з мапы сьвету дзяржавы – сузаснавальніцы ААН! Гэта азначае зьнявагу, прыгнёт, а магчыма, і зьнішчэньне нацыі!
2020 год паказаў здольнасьць беларусаў аб'ядноўвацца, але не навучыў нас ісьці разам да перамогі. Мы па-ранейшаму ня маем жаданага выніку. Шмат хто з нас вымушана апынуўся ў розных краінах. Шмат хто ў турмах.
Так, мы аказаліся разрозьненымі і абсалютна не гатовымі да гэтага. Так, у многіх з нас яшчэ сьвежыя ўспаміны пра крывавыя жорсткія падзеі, у кагосьці да гэтага часу псыхалягічныя траўмы і іх наступствы.
Можна сказаць, мы ўсе ўпалі і цяпер павінны падняцца.
Падняцца ня толькi для таго, каб супрацьпаставіць сябе нейкай іншай палітычнай сіле, а найперш для саміх сябе, для нашых сем'яў, дзяцей, краіны і будучыні.
Падняцца, каб аб'яднацца, адклаўшы ўсе рознагалосьсі на потым.
Вайна ва Украіне скончыцца з вынікам, у якім мы ўпэўненыя, – паразай Расеі. Гэта будзе наш шанец на волю, на вызваленьне Беларусі ад злачыннага рэжыму, які захапіў уладу. Збудаваная дыктатарам піраміда ўлады непазьбежна пачне рассыпацца. У гэты момант важна не дапусьціць хаосу і прыходу на яго фоне да ўлады прарасейскіх палітычных сіл. Важна зрабіць усе неабходныя дзеяньні па аднаўленьні поўнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь. Сусьветная грамадзкасьць павінна ўбачыць нашу здольнасьць аб'ядноўвацца, убачыць, што мы разам і мы –сіла. Убачыць, што Беларусь –жыве!
Мы лічым, што шлях разьвіцьця беларускага грамадзтва мусіць пралягаць праз “Я” да “МЫ”. Толькі сукупнасьць самастойных індывідаў, адказных за прыняцьце і рэалізацыю ўласных рашэньняў, стварае зь “Я”- адзінкі адказную супольнасць “МЫ” – нацыю. Разьвіцьцё чалавека як асобы вядзе да агульнага росту і разьвіцьця грамадзтва. Таму ў фокусе ўвагі нашай ініцыятывы – актыўныя грамадзяне, падтрымліваючы якіх, мы набліжаем перамены.
Мы ствараем праект новай канцэпцыі пабудовы дзяржавы, адкрыты для ўсіх, незалежна ад адукацыі, сацыяльнага становішча і палітычных поглядаў. Мы можам і нават мусім па-рознаму бачыць будучыню Беларусі. Разнастайнасьць меркаваньняў і падыходаў – важная ўмова будучага посьпеху краіны. Але, каб пабудаваць пасьпяховае грамадзтва і дзяржаву новага тыпу, нам усё ж трэба прытрымлівацца шэрагу агульных прынцыпаў.
Пра тое, як будзе наладжана жыцьцё ў Беларусі пасьля падзеньня цяперашняга рэжыму, мы абавязаны задумвацца ўжо сёньня. Інакш гісторыя асудзіць нас на паўтарэньне пройдзенага.
Мы абавязаны менавіта цяпер думаць пра тое, як будзе выглядаць наша Радзіма праз пяць, праз дзесяць і праз дваццаць гадоў. Падмурак будучыні закладваецца нашымі дзеяньнямі ўжо сёньня.
Жыве Беларусь! Жыве вечна!