Магчымыя шляхі зьмены ўлады ў Беларусі
Улада ў Беларусі, пачынаючы з канстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе і да гэтага часу, захоплена злачынным дыктатарскім рэжымам. Улада ўтрымліваецца сілавымі мэтадамі з масавымі рэпрэсіямі насельніцтва, з выкараненьнем і зьнішчэньнем усяго нацыянальна арыентаванага.
Фактычна ідзе вайна супраць свайго народу, супраць усіх нязгодных зь сёньняшнім дыктатарскім рэжымам, супраць тых, хто хоча перамен, хто бачыць сваю краіну свабоднай і незалежнай.
Мы павінны аднавіць сувэрэнітэт і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, стварыць умовы для далейшай пабудовы дэмакратычнага грамадзтва.
Адным з магчымых шляхоў набліжэньня гэтай мэты ўяўляецца знаходжаньне ўразьлівых кропак у сыстэме сёньняшняй улады. Уздзеяньне на іх дасьць магчымасьць з мінімальнымі затратамі зьмяніць парадыгмы і паводзіны сыстэмы настолькі, што гэта распачне стартавыя дзеяньні па перадачы ўлады ў краіне пераходнаму ўраду. Сюды таксама ўваходзяць негвалтоўныя і сілавыя мэтады “маскітных” кропкавых уколаў.
Неабходна кансалідаваць намаганьні сусьветнай супольнасьці ў дасягненьні безумоўнага вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Неабходна таксама ўзмацніць ціск на рэжым для перадухіленьня страты Беларусьсю незалежнасьці і сувэрэнітэту.
Мы заклікаем актывістаў дыяспары выкарыстоўваць у краінах свайго знаходжаньня усе магчымасьці для арганізацыі акцый салідарнасьці і пратэсту, для апэратыўнага інфармаваньня парлямэнтаў, урадаў, міжнародных арганізацый і грамадзтва аб актуальнай сытуацыі ў Беларусі.
Найбольш пажаданы для беларусаў і Беларусі шлях – гэта аднамомантавая палітычная перадача ўлады Часоваму ўраду. Мы верым, што гэта можа адбыцца непасрэдна пасьля заканчэньня вайны ва Ўкраіне ў выніку рашэньняў міжнароднай мірнай канфэрэнцыі па праблемах пабудовы новай архітэктуры сусьветнай бясьпекі. У той жа час, Беларусь ніякім чынам не павінна стаць прадмэтам гандлю пра захаваньне сфэр уплыву РФ у Эўропе.
У сёньняшняй Беларусі мы маем сытуацыю, калі людзі, якія ўзурпавалі ўладу, публічна заяўляюць, што законы не працуюць (“часам не да законаў”). Таму, у выпадку адмовы рэжыму падпарадкавацца рашэньням міжнароднай супольнасьці і волевыяўленьню беларускага народу звяржэньне злачыннай улады сілавымі мэтадамі ня толькі непазьбежнае, але і цалкам адпавядае нормам міжнароднага права.
У юрыспрудэнцыі існуе такое паняцьце, як “права на паўстаньне” (лац.: jus resistendi), таксама вядомае як права на супраціў прыгнёту, права на рэвалюцыю. Інакш кажучы – права грамадзян любымі сродкамі, аж да ўзброенай барацьбы, абараняць свае правы і свабоды. Гэтае права адносіцца да натуральных правоў, якія не патрабуюць пацьверджаньня нормамі пазытыўнага права.
Прынятая ААН у 1948 годзе Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека ў прэамбуле падкрэслівае: “…неабходна, каб правы чалавека ахоўваліся ўладай закону ў мэтах забеспячэньня таго, каб чалавек ня быў вымушаны зьвяртацца, у якасьці апошняга сродку, да паўстаньня супраць тыраніі і прыгнёту”.