====== Будучыня. Беларусы. Беларусь. ====== * [[en:be:users:belarus-20:future-belaruses-belarus | на ангельскай мове]] * [[de:be:users:belarus-20:future-belaruses-belarus | на нямецкай мове]] * [[ru:be:users:belarus-20:future-belaruses-belarus | на рускай мове]] [[be:users:belarus-20:start|Ісьці на ўзровень вышэй]] ---- ====== Наша мара ====== Мы, усе беларусы добрай волі, хочам жыць у цудоўнай, свабоднай краіне. Каб дасягнуць гэтай мэты, нам трэба ужо цяпер “марыць ува ўсю моц”, **якім мы бачым нашае грамадзтва праз 20, 30, ці нават 50 гадоў**. З мары нараджаюцца дакладныя пляны і прыходзяць людзі, здольныя ўвасобіць іх у жыцьцё. Для пачатку ўявім сабе “ідэальную краіну”. Назавем яе ўмоўна **Беларусь 2.0**. Якой мы яе бачым? Краіна стала ўдзельнікам новай сыстэмы міжнароднай бясьпекі, утворанай пасля паразы Расейскай Фэдэрацыі ў разьвязанай ёй поўнамаштабнай вайне ў Эўропе. У Беларусі 2.0 забясьпечваюцца свабоды і правы грамадзян, высокі ўзровень дабрабыту і задавальненьне патрэбаў насельніцтва. Таму краіна мае: сумленныя і кампэтэнтныя органы ўлады, збалянсаваную рыначную эканоміку, перадавыя транспартныя сыстэмы, сучасныя сыстэмы энергазабеспячэньня, якасную адукацыю, разьвітую навуку, надзейную сацыяльна справядлівую сыстэму аховы здароўя. У краіне гарантаваныя справядлівасьць, свабода думкі, слова і веравызнаньня. Вялікая ўвага надаецца праблемам экалёгіі. Разгледзім вышэй пералічаныя аспэкты больш падрабязна. ====== Органы ўлады ====== Ува ўсіх органах улады працуюць сумленныя і кампэтэнтныя людзі, а таксама выкарыстаўваецца эфэктыўная сыстэма арганізацыі дзяржаўнага кіраваньня з актыўным удзелам мясцовага самакіраваньня і грамадзкіх арганізацый. Большая частка рэгіянальных паўсядзённых праблем насельніцтва вырашаецца на мясцовым узроўні. Пытаньні ўзаемадзеяньня грамадзяніна і дзяржавы вырашаюцца з дапамогай сучасных інфармацыйных інструмэнтаў. Усё гэта дазваляе зьвесьці бюракратычны апарат да неабходнага мінімуму. ====== Эканоміка ====== Створаная ў Беларусі 2.0 пасьпяховая збалянсаваная рыначная эканоміка забясьпечвае раўнавагу паміж ростам інвэстыцый, вытворчасьці, сфэры паслуг, ростам даходаў і павелічэньнем унутранага рынку. Фармаваньне магутнага сярэдняга кляса зьяўляецца асновай стабільнасьці эканомікі. Дзяржава мэтанакіравана стымулюе развіцьцё эканамічнай дзейнасьці малога і сярэдняга бізнэсу. Перавышэньне аб'ёму экспарту над імпартам умацоўвае гэту збалянсаванасьць. ====== Энэргетыка ====== У Беларусі 2.0 шырока выкарыстоўваюцца абнаўляльныя крыніцы энэргіі. Дзяржава актыўна ўдзельнічае ў міжнародных праграмах пошуку, вывучэньня і ўкараненьня новых энергакніц. Дзяржава мэтанакіравана стымулюе развіцьцё лякальных сыстэм электра- і цеплазабесьпячэньня і рэкупэрацыі. ====== Транспартна-лягістычныя калідоры ====== Завяршэньне будаўніцтва хуткасных чыгуначных і аўтамабільных калідораў (поўнач-поўдзень і захад-усход) забясьпечыла: * прыток інвэстыцый і будаўніцтва новых прадпрыемстваў у рэгіёнах з блізкай даступнасьцю калідораў; * стварэньне новых працоўных месцаў; * стабільнае папаўненьне рэгіянальных і дзяржаўнага бюджэтаў. ====== Гарадзкая транспартная сыстэма ====== У гарадах выкарыстоўваецца пераважна электрычны і вадародны транспарт. Праблема затораў вырашана шляхам шырокага выкарыстаньня грамадзкага транспарту і будаўніцтва новых перадавых транспартных сыстэм другога ўзроўню. ====== Адукацыя ====== У Беларусі 2.0 выбудавана сыстэма адукацыйных устаноў, у якіх праграмы па кожным вывучаным прадмэце патрабавальна правяраюцца на адпаведнасьць наступным прынцыпам: * прыносіць карысьць навучэнцам і іх навакольнаму сьвету; * забясьпечваць навучэнцам абʼектыўную інфармацыю і дазваляць ім самастойна прымаць рашэньні; * грунтавацца на фактах і доказах, а не на здагадках; * заахвочваць студэнтаў да творчасьці і адкрыцьця сваіх ідэй; * рыхтавацца да зьменаў сытуацыі ў грамадзтве; * даваць навучэнцам магчымасьць актыўна ўдзельнічаць у працэсе навучаньня. У школьнікаў і студэнтаў зьявілася адчуваньне, што навучаньне – гэта ня толькі карыснае, але і вясёлае баўленьне часу. ====== Навука ====== Адным з найвышэйшых прыярытэтаў дзяржавы зьяўляецца развіцьцё навукі. Акадэмія Навук Беларусі – удзельнік міжнародных праектаў у фундамэнтальных і прыкладных галінах. Унівэрсытэты, профільныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, прыватныя дасьледчыя цэнтры сталі стратэгічнымі партнэрамі шэрагу вядучых вытворчасьцяў у Беларусі і за мяжой. ====== Ахова здароўя ====== Абавязковае мэдычнае страхаваньне салідарнага тыпу ў Беларусі 2.0 забясьпечвае ўзровень сыстэмы аховы здароўя на ўзроўні краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, якія ўваходзяць у ЭС. Міністэрства аховы здароўя займаецца найперш стратэгічным плянаваньнем, каардынацыяй дзяржаўных праграм, сэртыфікацыяй. Усе мэдычныя ўстановы ў абавязковым парадку рэгулярна праходзяць акрэдытацыю. Вядучыя спэцыялізаваныя мэдычныя цэнтры адпавядаюць патрабаваньням міжнароднай сэртыфікацыі якасьці. Шырока выкарыстоўваецца дыгіталізацыя – карты e-Health, электронныя рэцэпты, воблачная сетка захоўваньня дадзеных, абмен вялікімі абʼёмамі дадзеных паміж мэдычнымі ўстановамі, выкарыстаньне спэцыялізаваных нэйрасетак для магчымасьці хуткага і дакладнага вызначэньня дыягназу любым лекарам у любой кропцы краіны. Развіцьцё дыстанцыйнай мэдыцыны дазволіла скараціць неабходнасьць наведваньня паліклінік, прынесла магчымасьць кансультацыі вядучымі спэцыялістамі ўва ўсіх рэгіёнах краіны. ====== Дэмаграфія ====== У Беларусі 2.0 праводзіцца мэтавая дзяржаўная падтрымка павышэньня нараджальнасьці, падтрымка маладых семʼяў. Дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі з кожным годам паляпшаецца, 3 – 4 дзіцяці ў сямʼі становіцца нормай. У будучыні гэта забясьпечыць стабільнасьць эканамічнай і сацыяльнай сфэраў. Створана мноства новых гарадоў-сатэлітаў, што дазволіла расьсяліць людзей у малапавярховыя дамы. На кожную сямʼю выдзяляецца зямельны ўчастак, які атрымліваюць ва ўласнасьць грамадзяне, якія плацяць падаткі. 30–50-тысячны горад прызнаецца ідэальным, бо дазваляе ствараць і разьвіваць паўнавартасную гарадзкую эканоміку і адначасова падтрымліваць трывалыя гарызантальныя сувязі. ====== Экалёгія ====== У Беларусі 2.0 створаны разьвітыя сеткі грамадзкага экалягічнага транспарту. Перапрацоўка і ўтылізацыя адходаў спалучана з выпрацоўкай электрычнай і цеплавой энэргіі, запускам прадуктаў перапрацоўкі ў другасныя вытворчыя цыклі. Любая вытворчая дзейнасьць адбываецца толькі ў прамысловых зонах, якія разьмешчаныя на бясьпечнай адлегласьці ад месцаў пражываньня. Сельскагаспадарчая вытворчасьць грунтуецца на экалягічна бясьпечных тэхналёгіях, якія мінімізуюць выкарыстаньне сельскагаспадарчай хіміі.